ЭЛЕКТРАЭРАЗІ́ЙНАЯ АПРАЦО́ЎКА матэрыялаў,

апрацоўка токаправодных матэрыялаў, заснаваная на выкарыстанні з’явы эл. эрозіі (гл. Эрозія металаў). Дае магчымасць выконваць усе аперацыі формаўтварэння паверхні, якія ажыццяўляюцца метадамі рэзання, без сілавога ўздзеяння на дэталь, у любым напрамку прасторы. Ажыццяўляецца пад уздзеяннем імпульсаў току, што ўзбуджаюцца паміж электродам-інструментам і загатоўкай дэталі. Размерная апрацоўка праводзіцца ў вадкіх дыэлектрыках (газе, масле, вадзе), узмацненне паверхні дэталі за кошт пераносу матэрыялу электрода і загартавання паверхні — у паветр. асяроддзі.

Імпульсныя разрады фарміруюцца спец. генератарамі. Імпульсы току характарызуюцца формай (прамавугольная, грабеньчатая і інш.), энергіяй (сотыя долі — дзесяткі джоўляў), амплітудай, працягласцю (10​−6—10​−2 с); рэжымы апрацоўкі — дадаткова частатой імпульсаў, шчылінаватасцю, палярнасцю, адносным зносам электрода, хуткасцю выдалення металу. Э.а. робяць профільнымі (капіраванне) або дротавымі (выразанне) электродамі. Пры дапамозе Э.а. вырабляюць штампы, прэс-формы, фільеры, сеткі, сіты, дэталі складанай формы, адтуліны метровай глыбіні, нажы для апрацоўкі драўніны і інш. Выкарыстоўваецца ў інстр. вытв-сці (прыкладна 80% станочнага парку), а таксама на шэрагу аперацый у асн. вытв-сці, пры падрыхтоўцы новых мадэлей прылад.

Літ.:

Размерная электрическая обработка материалов. М., 1978;

Электроэрозионная обработка материалов. Мн., 1988;

Физико-химические методы обработки в производстве газотурбинных двигателей. М., 2002.

М.​К.​Міцкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)